top of page

ПУБЛІКАЦЫІ

Жаданая экскурсія

 

На восеньскія канікулы ва ўстанове адукацыі запланавалі экскурсійную паездку ў горад Мінск. Дапамог у арганізацыі экскурсіі фізкультурна-экскурсійны клуб “Міёры”, за што выказваем ім шчырую падзяку.

Вучні даўно чакалі такой экскурсіі, таму з задавальненнем прынялі прапанову паехаць.  Пабывалі ў Мінскім заапарку, наведалі павільён “Арынока” (Экзатарыум), ДзінаПарк. Асаблівыя ўражанні засталіся пасля наведвання музея займальных навук “Квантум”. Безумоўна, калі больш, як не ў Год навукі, наведаць такі музей!  У музеі прадстаўлена інтэрактыўная кампазіцыя, якая ахоплівае асноўныя вобласці навукі. У кожнай зале знаходзяцца экспанаты, з якімі можна ўзаемадзейнічаць: даследаваць, збіраць, разгадваць, скакаць і нават крычаць. У музеі больш за 150 экспанатаў.

Вучні задаволены. Вялікі дзякуй бацькам, якія аказалі матэрыяльную дапамогу і зрабілі цудоўны адпачынак сваім дзецям

                                                                                            Алена Лапіцкая, педагог-арганізатар ДУА “Туркоўская дзіцячы сад-сярэдняя школа”

Хто без навукі, той як бязрукі

 

Адной з формаў пазакласнай работы ва ўстанове адукацыі з’яўляюцца прадметныя тыдні. Такая форма работы актывізуе пазнавальную дзейнасць,  спрыяе фарміраванню камунікатыўных навыкаў, павышае ў дзяцей ўзровень матывацыі да навучання, развівае іх творчыя здольнасці.

Пачынаюць іх звычайна педагогі, якія працуюць на першай ступені навучання. “Вучыцца павінна быць заўсёды цікава. Толькі тады вучоба можа быць паспяховай”,- такі летматыў мерапрыемстваў, якія былі ў плане тыдня.

Найбольшую цікавасць выклікала інтэрактыўная інтэлектуальная “Свая гульня”. Вучні 1-4 класаў  прадэмастравалі свае веды па вучэбных прадметах. Гульня прысвячалася Году навукі і праходзіла пад дэвізам: “Хто без навукі, той як бязрукі”. Гульнёвыя заданні ў сямі намінацыях (беларуская мова, літаратура, матэматыка, Мая Радзіма Беларусь, выяўленчае мастацтва, спорт і рознае) мелі свой кошт, і вучань, правільна адказваючы на заданне або выконваючы яго, мог зарабіць максімальную колькасць балаў. Але пераможцаў ніхто не імкнуўся вызначыць, бо яшчэ ў пачатку гульні вучні і настаўнікі дамовіліся пра таварыскае супрацоўніцтва. Мэта гульні – не падсумоўванне балаў і вызначэнне мацнейшых, а актывізацыя пазнавальнага інтарэсу ў дзяцей, павышэнне матывацыі да навучання, фарміраванне ключавых кампетэнцый вучняў на 1 ступені навучання.

У плане тыдня таксама свята “Мы школьнікамі сталі.” Святочны, прыўзняты настрой быў ва ўсіх прысутных: вучняў, педагогаў, бацькоў.

Вучні першага класа разам са сваёй настаўніцай Алеськай Нінай Рыгораўнай падрыхтаваліся грунтоўна: тут і вершы, і песні, і танцы. На свята да дзяцей завітала Баба Яга са сваімі ўнукамі Ягікам і Ягуляй, ролю якіх па-майстэрску выканалі Гудак Паліна, Дуброўскі Іван, Дзелідзёнак Марыя з 5 і 3 класаў. 

На працягу свята “артысты” пераконвалі гасцей у тым, што

Школа любіць не лянівых,

А руплівых і цярплівых!

А руплівасці, стараннасці і здольнасцяў  нашым першакласнікам не займаць. Кіра і Уладзіслава Лахан, Аляксандра Мошкіна добра спяваюць і танцуюць. Мілана Налівайка мае здольнасці да малявання. Анастасія Туча вельмі любіць казачныя гісторыі і ўяўляе сябе ў ролі герояў. Цімафей Гарбатаў захоплены канструяваннем. Хочацца спадзявацца, што іх здольнасці з часам перарастуць у справу жыцця.

І дзеці, і настаўнікі, і бацькі былі задаволены святам і шчыра дзяліліся прыемнымі ўражаннямі.

Тыдзень пачатковай школы прайшоў у атмасферы творчасці і супрацоўніцтва. Актыўны ўдзел у ім прынялі настаўнікі пачатковай школы, бібліятэкар, вучні і бацькі. Прадметны тыдзень дазволіў вучням зразумець, наколькі важна быць адукаваным і выхаваным чалавекам, як важна не толькі многа ведаць, але і ўмець выкарыстаць веды ў жыцці, практычнай дзейнасці.

 

                                                                             Таццяна Урублеўская, кіраўнік педагагічнай майстэрні “Дзяцінства” ДУА “Туркоўская ДС - СШ”

Запаліць агеньчык цікаўнасці

 

Работа па павышэнню якасці школьнай адукацыі вызначана на 2017/2018 навучальны год у якасці асноўнай у нашай установе адукацыі. Дзеля гэтай мэты павінны зладжана працаваць усе структуры адукацыйнай сістэмы. Дзейсную дапамогу у вырашэнні пастаўленай задачы аказваюць у першую чаргу школьныя метадычныя аб’яднанні. Асабліва творча, арыентуючыся на патрабаванні    нарматыўныя дакументы па арганізацыі адукацыйнага працэсу, працуе метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў. Мабыць, так і павінна быць, бо прыярытэтам пачатковай адукацыі з’яўляецца фарміраванне агульнавучэбных уменняў і навыкаў, узровень засваення якіх у значнай меры прадвызначае паспяховасць наступнага навучання вучня, развіццё яго асобасных якасцей і захавання індывідуальнасці.

Імкнемся да ўдасканалення форм работы метадычных фарміраванняў, шукаем новыя формы і метады работы з тым, каб яны спрыялі павышэнню прафесійнага ўзроўню педагога і садзейнічалі развіццю творчых здольнасцей і якасцей вучняў, стваралі ўмовы для выхавання асобы крэатыўнай, самадастатковай, якая ўмее не толькі патрабаваць, але і аддаваць.

А што так атрымалася,  засведчыў фестываль метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў. Прычым,  ставілася мэта паказаць увогуле не асобу самога педагога, а яго  асобасныя якасці ў працэсе сумеснай дзейнасці з пачаткоўцамі, бацькамі, вучнямі сярэдняй ступені навучання. Улічваючы  маштабнасць і магчымасці такой формы, як фестываль, дзейнасць настаўнікаў на першай ступені навучання дэманстравалася на працягу тыдня і атрымала назву “Падарожжа па краіне ведаў”.

Канечне, самым уражлівым на пачуцці стаў першы дзень фестывалю панядзелак, 4 лістапада. Цікавым было інфармацыйнае афармленне сцэны. Сімвал падарожжа карабель заняў пачэснае месца ў цэнтры дошкі. Побач вучні прымацавалі свае маленькія караблікі, якія з такой любоўю яны майстравалі разам са сваім бацькамі і якія кожны дзень напаўнялі рэзультатамі сваёй дзейнасці.

Захапленне выклікала інтэлектуальная гульня “Адзін супраць усіх”, у час якой вучні павінны былі адказаць на пытанні розных вучэбных дысцыплін, у тым ліку заданні на логіку і кемлівасць. Гульня насіла інтэграваны характар. Перамаглі Пішчулёнак Яна (4 клас) і Протас Генадзь (4 клас).

Наступны дзень фестывалю меў назву “Дзень кнігі”. Выхаванцы дашкольнага ўзросту, вучні 1-2 класаў спаборнічалі ў конкурсе малюнкаў “Мае любімыя казачныя героі”, вучні 3-4 класаў правялі віктарыну “Падарожжа ў краіну казак”. З удзелам важатых акцябрацкіх груп прайшоў конкурс на лепшы падручнік. Працавала творчая майстэрня па вырабу закладак, абавязковай умовай якой было ўкласці ў змест закладкі для кніжкі хоць невялічкі сімвал беларускасці. Лепш за іншых атрымалася тут у вучня першага класа Сарокіна Мікіты. Лепшыя падручнікі ў Пішчулёнак Яны (4 клас), Гарбатавай Вікі (2 клас).

Стартавалі ў гэты дзень малыя алімпійскія гульні па прадметах. Пачалі з беларускай мовы. 31 жніўня 2013 года закончыўся пераходны перыяд пасля ўвядзення ў дзеянне новай рэдакцыі Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. У сувязі з гэтым былі у ліку іншых прапанаваны заданні на веданне таго, як вучні ўмеюць кіравацца Правіламі ва ўсіх сферах выкарыстання пісьмовай беларускай мовы. Зноў пашанцавала Пішчулёнак Яне (4 клас), у яе дыплом першай ступені.

Самым актыўным і спрыяльным для ўмацавання здароўя стаў дзень фізічнай культуры і здароўя. Пачалі з ранішняй зарадкі, арганізоўвалі рухомыя перапынкі, а спартландыю “Алімпійскія надзеі” пры падтрымцы бацькоў правёў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Лапіцкі Андрэй Яўгенавіч. Перамагла тут дружба. Прадоўжыўся спартыўны дзень праглядам мультыплікацыйнага фільма “Шайбу, шайбу!...”, гутаркай пра надыходзячы чэмпінат Свету па хакею ў Мінску, абмеркаваннем талісмана Чэмпіянату.

Працяг малых алімпійскіх гульняў. Далі месца яе вялікасці матэматыцы. Перамога ў вучаніцы 4 класа Піліпёнак Аліны.

Педагогі пачатковай школы ўлічылі і патрабаванні Метадычных рэкамендацый па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі,  і 8 лістапада ў заключны дзень фестывалю правялі конкурс каліграфіі. З гонарам выходзілі на сцэну Каралева пісьма з першага класа Стома Вікторыя, Гарбатава Вікторыя з другога класа, Кароль пісьма з гэтага ж класа Ліелгалвіс Васіль, Лагун Канстанцін –вучань 3 класа таксама трымаў карону, Каралевы пісьма з 4 класа Пішчулёнак Яна і Янушонак Паліна.

Садзейнічаў экалагічнаму выхаванню вучняў інтэлектуальны конкурс “Экамор’е”, у час якога з маршрутным лістом падзеленыя на тры каманды падарожнічалі па розных станцыях вучні. Яны адгадвалі загадкі на экалагічную тэматыку, вызначалі  садавіну і агародніну, на прыпынку”Вясёлыя ноткі” спявалі, а падарожжа на мятле да Бабы-ягі патрабавала вызначыць, ці ведаюць вучні дрэвы нашага краю. Тут пераможаных не было.

Напрыканцы, як заўсёды, узнагароды, падзякі, віншаванні пераможцам розных конкурсаў і намінацый.

Фестываль атрымаўся. Ён паказаў узровень прафесіяналізму педагогаў пачатковай школы, іх уменне працаваць у камандзе (дарэчы, гэта ў іх цудоўна атрымліваецца заўсёды), адказнасць, творчы падыход да даручанай справы. Не выпадкова характарыстыка пры праходжанні атэстацыі змяшчае ацэнку прафесійных, дзелавых і асабістых якасцей педагога. Нашы настаўнікі пачатковых класаў ніколі не лічацца з часам (без гэтага не бывае сапраўднага настаўніка), яны заўсёды там, дзе патрэбна дапамога, падтрымка, разуменне па-чалавечы тых патрабаванняў, якія сёння выходзяць далёка за рамкі функцыянальных абавязкаў. А яшчэ важна тое - і гэта зразумелі самі педагогі-  мерапрыемства паказала, над чым трэба працаваць : не хапае ўмення рашаць лагічныя задачы і заданні, трэба працаваць над прывіццём цікавасці да казак менавіта беларускіх аўтараў, ёсць пытанні па рабоце з высокаматываванымі вучнямі ў падрыхтоўцы да ўдзелу да алімпіяд. Поле дзейнасці акрэслена. Змест заданняў, як і сам фестываль,  зацікавіў вучняў, рэфлексія паказала, што толькі станоўчыя эмоцыі атрымаў кожны вучань, усе выказаліся, што чакаюць працягу. А ён абавязкова будзе, бо  кіруе работай метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў вопытны і адказны педагог Урублеўская Таццяна Мікалаеўна.

(фотаздымак з фестывалю прыкладаецца)

      Т.А.Равецкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі “Туркоўская дзіцячы сад-сярэдняя школа”

Матэматычная вясёлка
Развітанне з пачатковай школай
bottom of page